Мінск 18:07

Музыкаў рагачоўскага гурту Tor Band прыгаварылі да пазбаўлення волі на тэрмін ад 7,5 да 9 гадоў

Злева направа Ярэмчык, Бурла, Галавач. Фота: ПЦ "Вясна"

31 кастрычніка, Позірк. Гомельскі абласны суд 31 кастрычніка прыгаварыў музыкаў рагачоўскай групы Tor Band да пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму: Дзмітрыя Галавача — да 9 гадоў, Яўгена Бурло — да 8, Андрэя Ярэмчыка — да 7,5, паведамляе “Гомельская Вясна”.

Кожнаму прысудзілі штраф 100 базавых велічыняў (3.700 рублёў).

Палітвязняў прызналі вінаватымі на падставе ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы), ч. 1 і ч. 3 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання), арт. 3691 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта) Крымінальнага кодэкса.

Рашэнне вынес суддзя Сяргей Салоўскі.

Суд над музыкамі, якіх затрымалі летась 28 кастрычніка, адбываўся у закрытым рэжыме з 14 верасня.

16 студзеня 2023 года Камітэт дзяржбяспекі прызнаў Tor Band “экстрэмісцкім фармаваннем”.

У канцы жніўня 2022 года “інфармацыйную прадукцыю, сацсеткі і лагатып” Tor Band прызналі “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

У траўні стала вядома, што ў 32-гадовага Яўгена Бурло адбыўся рэцыдыў анкалагічнага захворвання, рэмісіі якога ўдалося дабіцца на волі. Паводле звестак праваабаронцаў, Бурло моцна схуднеў і не мог некаторы час самастойна перамяшчацца. На судзе ён быў на мыліцах, падчас абвяшчэння прыгавору не змог устаць на ногі.

Ягоныя сваякі звярталіся да кіраўніцтва СІЗА з просьбай забяспечыць мужчыну неабходнае лячэнне, але ім адмовілі. Цяпер чакаецца, што Бурло правядуць неабходную яму аперацыю на пазваночніку.

Tor Band стаў асабліва папулярным на хвалі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і распачатых пасля іх пратэстаў. Музыкі з’яўляюцца аўтарамі шэрагу песень-маніфестаў: “Мы — не народзец”, “Жыве”, “Хто, калі не ты”.

Падзяліцца: